Пра нас

Ці існуюць у Беларусі інтэлектуалы і, калі так, у чым іх місія?

- да гэтага пытання можна было б звесці сэнсавае ядро «місіі праекта», якім мы яго бачылі 5 гадоў назад. Як мы спадзяемся, з тых часоў у беларускім грамадстве адбыліся змены. З'явіліся новыя экспертныя пляцоўкі (да прыкладу, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў), а некаторыя даследчыкі і праекты ўзмацнілі свой уплыў («Наше мнение», «Arche» і такія даследчыкі, як Уладзімір Фурс, Альміра Усманава, Пётр Рудкоўскі і іншыя).

І тым не менш праца інтэлектуалаў на Беларусі не згубіла сваёй значнасці. Таму што прызначэнне гэтай працы не ў здзяйсненні экспертызы, аналітыкі ці даследаванняў, але ў тым, каб, словамі Юргена Хабермаса, «у час адчуць важнае».

Для гэтага, як і дзве з паловай тысячы гадоў назад, інтэлектуал перадусім звяртаецца да слова, якое пераўтварае ў дзеянне. Чаму? Таму што ён вымаўляе яго публічна, такім чынам, звяртаецца да ўсіх. Але гэта не ўсё. Ён не толькі не баіцца звярнуцца да шырокай публікі і гатовы распачаць дыскусію з кожным; больш істотным з'яўляецца тое, што ён здольны сфармаваць публіку, гэта значыць, захапіць людзей тым, што ён гаворыць, і даказаць, што пытанні, якія выносяцца ім на абмеркаванне, прынцыпова важныя для жыцця кожнага чалавека.

Тым самым інтэлектуал займаецца палітыкай, - як бы нас у сучаснай Беларусі не бянтэжыла гэтае слова. Палітыкай у тым сэнсе, у якім разумелі гэтае слова старажытныя грэкі, гэта значыць, справамі свайго поліса — супольнасці, якая існуе не праз волю прыроды ці багоў, але па законах, якія вынаходзяць самі людзі. Інтэлектуал заклікае нас кіраваць нашым сумесным жыццём. І такім чынам, каб мэтаю гэтага жыцця была свабода — здольнасць па сваёй уласнай волі, гэта значыць без усялякага прымусу, выбіраць, прымаць рашэнні і змяняць рэчаіснасць.

Будучыня інтэлектуальнай супольнасці Беларусі залежыць ад таго, наколькі ў самых розных здольных мысліць людзей у Беларусі і за яе межамі атрымаецца заняць пазіцыю інтэлектуала. А ад пашырэння гэтай супольнасці шмат у чым залежыць і лёс самой Беларусі, працэсы ў якой у той ці іншай ступені павінны вызначаць усе яе грамадзяне.




Шаноўныя чытачы!

Мы запрашаем вас унесці свой унёсак у развіццё беларускай інтэлектуальнай супольнасці.

Вы можаце прыняць удзел у працы праекта belintellectuals.eu:

  • дасылаць вашы тэксты для публікацыі на сайце;
  • удзельнічаць у дыскусіях;
  • працаваць у якасці перакладчыка;
  • займацца зборам актуальнай інфармацыі па тэматыцы сайта;
  • распаўсюджваць інфармацыю аб дадзеным праекце;
  • аказаць фінансавую дапамогу для развіцця праекта ў будучыні.


Звязацца з намі можна праз электронную пошту: info@belintellectuals.eu