Валянцін Акудовіч

Філосаф-постмадэрніст, паэт, літаратурны крытык

Выкладчык Беларускага Калегіюма



Нарадзіўся 18 чэрвеня 1950 г. у мястэчку Свіслач Гродненскай вобласці.

У 1980 г. скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут імя М. Горкага пры Саюзе пісьменнікаў СССР.

Працаваў экспедытарам на Свіслацкім хлебазаводзе (1967-68), токарам, слесарам ды інжынерам па металу на Мінскім маторным заводзе (1968-69, 1970-75), служыў у Савецкім войску (1969-70), быў кіраўніком турысцкага кружка ў Доме піянераў (1980-81), вартаваў розныя ўстановы (1981-85, 86), працаваў лодачнікам на аўтатурбазе “Нарачанка” (1985). З 1986 г. - намеснік дырэктара Мінскай школы турызма, скуль у 1990 г. перайшоў на кафедру спартовага турызма Беларускага філіяла інстытута турызма (старэйшы выкладчык).

З 1991 г. па 1999 г. працаваў у штотыднёвіку “Культура”(рэдактар аддзела, першы намеснік галоўнага рэдактара). Затым (1999-2000) быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса “Крыніца” і нейкі час штотыднёвіка “ЛіМ”. Пазней служыў кладаўшчыком у турысцкай фірме (2000–2003).

Па-за службай ў дзяржаўных установах з’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара філасофскага часопіса “Фрагменты”, выкладаў у Беларускім калегіўме (з 2001 г. і па сёння куратар аддзялення філасофіі і літаратуры). Рэдактар філасофскага часопіса “Перекрёстки” (2004-2008) і куратар літаратурна-філасофскага часопіса “Паміж”.

Аўтар кніг “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” (1998), “Разбурыць Парыж” (2004), “Дыялогі з Богам” (2006), “Код адсутнасці” (2007). Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве. Кніга “Дыялогі з Богам” перакладзеная на польскую мову (2008), а “Код адсутнасці” – на літоўскую і рускую

Узнагароджаны медалём “За воинскую доблесть» (1970). Лаўрэат штотыднёвіка «ЛіМ» (1993), часопіса «Крыніца» (1995), Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), Беларускага Пэн-цэнтра (прэмія імя Алеся Адамовіча, 2001), літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2007).

Узельнік шматлікіх міжнародных канферэнцыяў.

Майстар спорта СССР па спартоваму турызму (1980).

Хрышчаны ў праваслаўнай царкве.

Беларус.


Дадатковыя звесткі можна прачытаць у энцыклапедыі “Постмодернизм” (Минск, 2001), даведніку “Людзі культуры з Гродзеншчыны” (Гродна, 2000), штотыднёвіку “ЛіМ” (23 чэрвеня 2000 г.), газеце “Свободные новості–плюс” (4 красавіка 2007 г.), даведніку “Кто есть кто”.

Публікацыі на сайце: