Публікацыі

Восем тэзаў аб універсальным

Ален Бадзью, Ліна Мядзведзева

1. Універсальнае належыць стыхіі мыслення.

Мысленнем называюць Суб’ект, паколькі ён ствараецца ў працэсе, праходзячым скрозь татальнасць наяўных ведаў. Ці, як аб гэтым казаў Лакан, у прабоіне ведаў.

Сумежныя заўвагі:

а) Тое, што ўніверсальнае належыць стыхіі мыслення значыць, што нішто ў форме аб’екта, ці аб’ектыўнай заканамернасці не з’яўляецца ўніверсальным. Універсальнае па сутнасці неаб’ектнае. Яго магчыма выпрабаваць толькі ў вытворчасці, ці ўзнаўленні хода думкі, і гэты ход стварае, ці ўзнаўляе суб’ектыўную дыспазіцыю.

Тыповы прыклад: універсальнасць матэматычнай прапорцыі магчыма выпрабаваць толькі ў вынаходніцтве, ці ў рэальным ўзнаўленні доказу гэтай тэарэмы. Сітуацыйныя ўніверсальнасць палітычнага выказвання выпрабуецца толькі ў ваяўнічай практыцы, якая яго здзяйсняе.

б) Тое, што мысленне, як мысленне-суб’ект, складаецца ў працэсе, значыць, што яно не з'яўляецца вынікам трансцэндэнтальнага канструявання, якое б патрабавала канструюючага суб’екта. Наадварот, ад таго, што адчынена магчымасць універсальнага, залежыць тое, што лакальна ёсць мысленне-суб’ект. Суб’ект кожны раз выклікаецца як мысленне ў кропцы працэсу, у якім канструюецца ўніверсальнае. Універсальнае - гэта тое, што вызначае свае ўласныя кропкі, як суб’ект-мысленне, і ў той жа час з’яўляецца схаваным ўзгадненнем сваіх кропак. У цэнтры дыялектыкі ўніверсальнага - дыялектыка лакальнага, якім з’яўляецца суб’ект і глабальнага, якім з'яўляецца бясконцы працэс. Гэтая дыялектыка і ёсць само мысленне.

Такім чынам: універсальнасць выказвання “рад простых лічбаў неабмежаваны” месціцца адначасова і ў закліку да мыслення аднавіць ці знайсці адзіны доказ і ў глабальным працэсе, у якім ад грэкаў да сённяшняга дня разгортваецца тэорыя лічбаў і глыбінныя аксіяматыкі. Ці: універсальнасць практычнага выказвання “належыць да выканання, каб законамі любой краіны былі прадугледжаныя правы працоўных-нелегалаў” месціцца адначасова і ў ваяўнічых дзеяннях любога парадку, у якіх палітычны суб’ект актыўна канструюе сябе, і ў глабальным палітычным працэсе, у тым, у чым ён датычыцца дзяржавы, яе пастаноў, правіл і законаў.

в) Тое, што працэс універсальнага, ці ісціна - што адно і тое ж, - праходзіць наскрозь наяўных ведаў, значыць, што паўставанне ўніверсальнага нельга вылічыць, гэта не структура, якую магчыма апісаць. Можна сказаць, што ісціна не пераходзіць ў веду, яна сутнасна не-вядома. У гэтым адзін з сэнсаў яе бессвядомага характару.

Мы называем асобным (партыкулярным) тое, што веда надзяляе апісальнымі прэдыкатамі. Аднак тое, што ідэнтыфікуецца як працэс, які ажыццяўляецца ў сітуацыі, выключаецца з прэдыкатыўнага апісання, з'яўляецца сінгулярным. Такім чынам, культурныя рысы нейкага насельніцтва - партыкулярныя. Але тое, што ўніверсальна выклікае суб’ект-мысленне, пераходзячы гэтыя рысы, зрушваючы інвентарызуючае апісанне, з’яўляецца сінгулярным. Адсюль другая тэза.

2. Любое ўніверсальнае - сінгулярнае, ці сінгулярнасць.

Сумежная заўвага. На змену партыкулярнасці як такой не можа прыйсці нішто ўніверсальнае. Распаўсюджаная сёння тэза: толькі сапраўды ўніверсальная норма ўлічвае партыкулярнасці. Гэтая тэза, на мой погляд, беззмястоўная. Да таго ж, мы бачым, што яе прыкладанне абапіраецца на партыкулярнасці, якія разглядаюцца як невыносныя з пункту гледжання фармальнай універсальнасці. На самой справе, каб трымацца таго, што ўлік партыкулярнасцяў мае ўніверсальную вартасць, трэба наперад адрозніваць добрыя і дрэнныя партыкулярнасці. Інакш кажучы, патрэбна стварыць іерархію апісальных прэдыкатаў. Напрыклад, можна сказаць, што культурная ці рэлігійная партыкулярнасць дрэнная, калі яна не ўлічвае іншыя партыкулярнасці. Зразумела, што гэта азначае патрабаванне, каб фармальная ўніверсальнасць ужо прысутнічала ў партыкулярнасці. Па агульным рахунку, універсальнасць, якая ўлічвае партыкулярнасці, з’яўляецца толькі універсальнасцю ўніверсальнасці. Гэтая таўталогія - смяротная. Яна неабходна суправаджае акт, часцей за ўсё гвалтоўны, выкаранення сапраўды партыкулярных партыкулярнасцяў, т.б. тыя, якія іманентныя, у сэнсе, што яны замацоўваюць свае прэдыкаты ў самадастатковых ідэнтыфікацыйных спалучэннях.

Неабходна, такім чынам, згадзіцца, што любое ўніверсальнае яўляе сабе не як упарадкаванне партыкулярнага, ці адрозненняў, але як сінгулярнасць, выключаная з ідэнтыфікуючых прэдыкатаў, хоць, канешне, яна адбываецца ўнутры прэдыкатаў і скрозь іх. Дапушчэнню прэдыкатаў трэба супрацьпаставіць іх выключэнне. Але калі выключаная сінгулярнасць можа прэтэндаваць на ўніверсальнае, то гульня ідэнтыфікуючых прэдыкатаў, ці логіка апісальных ведаў партыкулярнасці  не можа дазволіць ніякім чынам яе прадугледзець, ці памысліць. Можна зрабіць выснову, што ўніверсальная сінгулярнасць з'яўляецца не парадкам быцця, але парадкам паўставання. Адсюль трэцяя тэза.

3. Універсальнае ўзнікае з падзеі, і падзею нельга звесці да партыкулярнасцяў сітуацыі.

Карэляцыя паміж універсальным і падзеяй - фундаментальная. Гэта можна добра прагледзець у пытанні палітычнага ўніверсалізму, які цалкам залежыць ад падтрымкі, ці не падтрымкі рэжыму адданасці, але не той ці іншай дактрыне, а Французскай рэвалюцыі, ці Парыжскай Камуне, ці Кастрычніку 1917, ці барацьбе за нацыянальнае вызваленне, ці маю-68. І наадварот, адмаўленне палітычнага ўніверсалізму, адмаўленне нават намёку на разняволенне, патрабуе большага, чым простай рэакцыйнай прапаганды. Яна патрабуе таго, што можна назваць падзейным рэвізіянізмам. Гэта, напрыклад, праца Фурэ (Furet), накіраваная на тое, каб вызначыць, што Французская рэвалюцыя была цалкам бескарысная і бясплодная; ці безліч заяў, якія зводзяць май-68 да беганіны студэнтаў навокал сэксуальнай свабоды. Мэтай падзейнага рэвізіянізму з’яўляецца парыванне сувязі паміж універсальнасцю і сінгулярнасцю. Нішто ня мела месца, акрамя месца, прэдыкатыўных апісанняў дастаткова, і тое, што мае агульназначнасць - строга аб’ектыўна, ці мае форму аб’екта. Т.б., у выніку, месціцца ў механізмах і моцы капіталу і яго дзяржаўных прыстасаванняў.

У гэтым выпадку, абмежаванасць лёсу чалавецтва жывёл вызначаецца адносінамі паміж прэдыкуемымі партыкулярнасцямі і агульным заканадаўчым уладкаваннем. Паўставанне з падзеі сінгулярнай працэдуры ўніверсалізацыі і канструяванне ў ёй адпаведнага суб’екта супярэчыць пазітывісцкай пары “асобнае/агульнае”.

Выпадак адрознасці палоў паказальны. Мы можам атрымаць з дапамогай абстракцыі прэдыкатыўныя асаблівасці, па якім ідэнтыфікуюцца пазіцыі “мужчына” і “жанчына” ў дадзеным грамадстве. Магчыма ўявіць, як агульны прынцып, што правы, статус, фіксацыя і іерархіі гэтых пазіцыяў будуць усталяваны законам ў сэнсе эгалітарызму. Гэта ўсё добра, але ўніверсальнасць не можа быць укарэнена ў размеркаванні роляў паводле прэдыкатаў. Дзеля таго, каб гэта падзейнічала, неабходна, каб здзейснілася сінгулярнасць сустрэчы, ці дэкларацыі, у якой суб’ект, увасабленне якога ёсць выключальнае выпрабаванне рознасці палоў, завязаў бы сябе ў вузел. Такі суб’ект становіцца вынікам дыз’юнктыўнага сінтэзу палавых пазіцый ў сустрэчы закаханых. Пляцоўка, на якой сапраўды ідзе размова пра ўніверсальную сінгулярнасць абодвух палоў, і ў рэшце рэшт пра рознасць як такую, гэта пляцоўка кахання, і яна адзіная. У ёй абсалютная адрознасць не перашкаджае непадзельнасці суб’ектыўнага перажывання. Зрэшты, мы добра ведаем, што паўсюды і заўсёды, з адносінаў паміж паламі, найбольш захапляльныя гісторыі кахання. Захапляльныя тым больш, чым большыя  перашкоды сацыяльнага характару, якія супрацьстаяць ім. Тут вельмі добра бачна, што прывабнасць універсальнага месціцца ў яго выключэнні з прэдыкатаў веды з нагоды яго а-сацыяльнай сінгулярнасці.

Трэба дадаць, што ўніверсальнае паўстае яе сінгулярнасць, і мы напачатку ня маем нічога, акрамя нетрывалага дадатку, сіла якога толькі ў тым, што ніякі даступны прэдыкат не прымушае яго да падпарадкавання ведам.

Пытанне, якое ўзнікае цяпер - на якую матэрыю, на якія некласіфікуемыя наступствы прысутнасці абапіраецца ў сітуацыі працэс суб’ектывацыі, у якім універсальнае з’яўляецца чыннікам глабальнага.

4. Універсальнае першапачаткова яўляе сябе як рашэнне аб невырашальным.

Трэба старанна асвятліць гэты пункт.

Назавем “энцыклапедыяй” агульную сістэму прэдыкатыўных ведаў, унутрана ўласцівых сітуацыі, няхай гэта будзе палітычная, ці культурная, ці тэхнічная, ці сітуацыя кахання. Наконт некаторых рэчаў, выказванняў, канфігурацыяў, фрагментаў дыскурсу нельга вырашыць, ці маюць яны нейкую вартасць. Яны маюць нявызначаную, плаваючую, ананімную вартасць; яны ствараюць дапушчэнні энцыклапедыі. Гэта ўсё тое, што існуе ў рэжыме ўніклівасці “быць можа так, быць можа не”. Гэта тое, аб чым можна размаўляць бясконца згодна правілу энцыклапедыі аб невырашальнасці. Веда прымушае нічога не вырашаць ў гэтым выпадку. Як, напрыклад, сёння мяркуюць пра Бога. Ахвотна падтрымліваюць, што мабыць “нешта” і існуе, а мабыць і не існуе. Бог, у нашым грамадстве, велічыня, якая не дапушчае дакладнага вызначэння: цмяная духоўнасць. Ці, яшчэ прыклад, магчымасць існавання “іншай палітыкі”. Пра яе размаўляюць, але ня бачна, каб нешта сапраўды адбывалася. Таксама: працоўныя-нелегалы, якія працуюць у Францыі, ці ствараюць яны частку краіны? Ці тут яны? Так, безумоўна, таму што яны жывуць і працуюць тут. Не, таму што ў іх няма дакументаў, якія б вызначалі іх статус грамадзяніна. Слова “нелегал” выяўляе нявызначанасць вартасці, ці не-вартасць вартасці. Людзі тут, але не сапраўды тут. Яны падлеглыя дэпартацыі, і такім чынам яны атрымліваюць вартасць ня-вартасці сваёй прысутнасці.

Фундаментальна, падзея - гэта тое, што вырашае невырашальнае ў вобласці энцыклапедыі. Дакладней, ёсць імплікацыйная форма тыпу: E -> ε, якая чытаецца: кожная сапраўдная суб’ектывацыя падзеі, якая [падзея] з'яўляецца ў сваім знікненні, імплікуе, што ε, які невырашальны ў сітуацыі, быў вырашаны. Такім чынам, займанне царквы Сэн-Бернар нелегаламі, публічна абвяшчае існаванне вартасці бяз-вартасці, гэтая падзея высвятляе, што тыя, хто тут, знаходзяцца тут і анулюе прэдыкат “якія хаваюцца”.

Мы назавем ε падзейнае выказванне. З адпаведнасці з лагічным правілам вылучэння[1] мы бачым, што скасаванне падзеі, сутнасць якой ў яе знікненні, дазваляе працягваць існаванне падзейнага выказвання ε, імплікаванага падзеяй. Гэта адбываецца таму, што ε з'яўляецца адначасова:

рэальным сітуацыі (выказванне было ў ёй)
але з радыкальнай зменай вартасці, паколькі тое, што было невырашальнае, вырашана. Інакш: не мелася вартасці і ў гэтым яна з’явілася.

Зараз можна сказаць, што першапачатковая матэрыя ўніверсальнай сінгулярнасці - гэта падзейнае выказванне. Яно фіксуе прысутнасць суб’екта-мыслення, з якога тчэ сябе ўніверсальнае.

Гэтак сустрэча каханых, у якой выказванне мае форму “ я цябе кахаю”, фіксуе прысутнасць суб’ектыўнасці, хоць сама сустрэча, як умова, згладжваецца. Гэтым вырашаецца невырашальны дыз’юнктыўны сінтэз, і ўзнікненне суб’екта прышпільваецца да наступстваў падзейнага выказвання.

Можна заўважыць, што любое падзейнае выказванне, якой ні была б яго форма: прапанова, твор, канфігурацыя ці аксіёма, - мае дэкларатыўную структуру. Імплікаванае з’яўленнем-знікненнем падзеі, яно дэкларуе, што невырашальнае было вырашана, ці без-вартасць набыла вартасць. З гэтай дэкларацыяй звязана канструяванне суб’екта, гэта яна адчыняе магчымую прастору ўніверсальнага.

З гэтага часу дзеля разгортвання ўніверсальнага яму патрэбна толькі быць следствам падзейнага выказвання. Т.б. выводзіць яго следства ў сітуацыі.

5. Універсальнае мае імплікацыйную структуру.

Частае пярэчанне супраць ідэі ўніверсальнасці - усё, што існуе, ці ўсё, што яўляецца, суадносіцца з асобнымі ўмовамі і інтэрпрэтацыямі, над якімі ўладараць разнастайныя інтарэсы і сілы. Т.б. нельга дасягнуць таго, каб ўніверсальна схапіць адрознасць, з-за незвадзімасці пазіцый адной да іншай, паколькі можна займаць толькі адну з пазіцыяў: ці “мужчына”, ці “жанчына”. Ці, адрозныя культурныя групы называюць “творчай дзейнасцю” творы без агульных рысаў. Ці, нават, матэматычная тэарэма ня будзе ўнутрана ўніверсальнай, таму што яе сапраўднасць залежыць ад аксіём, якія яе падтрымліваюць.

Гэты герменэўтычны перспектывізм губляе з полю зроку, што любая ўніверсальная сінгулярнасць яўляе сябе як сеціва наступстваў падзейнага вырашэння. Тое, што ўніверсальнае, заўсёды мае форму ε -> π, дзе ε з’яўляецца падзейным выказваннем, а π - наступствам, ці адданасцю. Зразумела, што дзеля тых, хто адмаўляецца ад вырашэння, якое змешчана ў ε, хто рэактыўна адносіць ε да невырашальнага,  хто мяркуе, што вартасць павінна заставацца бяз-вартасцю, імплікацыйная форма ніякім чынам не прадугледжвае правільнасці наступства π. Але яны павінны, прынамсі, прызнаць, што ёсць універсальнасць імплікацыі. Інакш кажучы, калі вы суб’ектывіруеце падзею, зыходзячы з яе выказвання, вынайдзеныя вынікі неабходны.

З гэтага пункту гледжання, платонаўская алегорыя Менона застаецца непараўнальнай. Паколькі нявольнік ня ведае падзейнай падставы геаметрыі, ён ня можа здзейсніць пабудову квадрата, плошча якога была б у два разы больш, чым у дадзенага. Калі ж яму уручаны першасныя дадзеныя, і ён згаджаецца суб'ектывіраваць гэтыя дадзеныя, ён суб'ектывіруе таксама патрабуемую пабудову. Імплікацыя, якая адносіць гэтую пабудову да сучаснасці паўставання грэцкай геаметрыі, універсальна дзейсная.

Мне кажуць: вы аддаеце перавагу толькі матэматычным высновам. Але не. Любая універсалізуючая працэдура імплікацыйная. Яна засведчвае высновы з падзейнага выказвання, якое прышпільвае зніклую падзею. Акт суб’ектывацыі, калі ён запускаецца гэтым выказваннем, здольны з самога сябе вынайсці высновы і вылучыць іх як універсальна прызнавальныя.

Рэактыўная адмова самой падзеі, максіма “мела месца толькі месца”, безумоўна, адзіны сродак нанесці ўдар універсальнай сінгулярнасці. Гэтая адмова дыскваліфікуе высновы і адмяняе прысутнасць працэсу.

Але ён ня здольны ануляваць універсальнасць самой імплікацыі. Калі, напрыклад, Французская рэвалюцыя, з 1792 года з'яўляецца радыкальнай падзеяй, якая прышпіленая іманентнай дэкларацыяй таго, што рэвалюцыя як такая з’яўляецца палітычнай катэгорыяй, то правільна, што грамадзянін сканструяваны толькі дыялектыкай Дабрачыннасці і Тэрору. Гэтая імплікацыя па-за спадзяваннямі, яна ўніверсальна перадавальная, напрыклад, у тэкстах Сэн-Жюста. Відавочна, што калі рэвалюцыя - гэта нішто, то дабрачыннасць, як суб’ектыўная дыспазіцыя, больш не існуе, і застаецца тэрор, як бессэнсоўны факт, які патрабуе маральнага асуджэння. Палітыка знікае. Але яе падтрымка залежыць не ад універсальнасці імплікацыі.

Няма ніякай нагоды звяртацца да канфлікту інтэрпрэтацыяў. Гэта наша шостая тэза.

6. Універсальнае адназначна.

Нягледзячы на тое, што суб’ектывацыя - гэты суб’ектывацыя высноў, ёсць адназначная логіка адданасці, якая канструюе ўніверсальную сінгулярнасць.

Тут трэба звярнуцца да падзейнага выказвання. Нагадаю, што яно цыркулюе ў сітуацыі ў якасці невырашальнай сутнасці. Ёсць кансэнсус наконт яго існавання, і наконт яго невырашальнасці. Анталагічна, яно з’яўляецца адным з мностваў, якія складаюць сітуацыю.

Лагічна, яго прамежкавая вартасць ня вырашана. Тое, што здараецца ў падзеі, не датычыцца ні замешанага ў падзеі, ні сэнсу выказвання, а толькі таго, што павінна было быць вырашана, ці ісцінна вырашана тое, што было невырашальным. Ці тое, што ня мела значнай вартасці, атрымала выключную вартасць. Як нелегалы, якія хаваліся прадэманстравалі сваё існаванне ў Сэн-Бернары.

Інакш кажучы, выказванне, ўзятае імплікацыйна з падзейнага знікнення, ўздзейнічае ў парадку дзеяння, а не ў парадку быцця, ці сэнсу. Менавіта гэты рэгістр дзеяння адназначны. Здарылася вырашэнне выказвання, і гэтае пазбаўляе яго ўсялякай інтэрпрэтацыі. Яно патрабуе “так” ці “не”, але ніяк не разнастайную множнасць сэнсаў.

На самой справе гутарка ідзе пра лагічнае дзеянне, можна сказаць разам з Рэмбо, “лагічнае паўстанне”. Тое, што ва ўнутранай логіцы лічылася невырашальным ці не-вартым, падзея рассякае на карысць сваёй ісціны, ці выключнай вартасці. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі логіка сітуацыі будзе паступова трансфармаваная, пачынаючы з адназначнага факту, які змяняе вартасць аднаго са складнікаў сітуацыі. Быццё-множным сітуацыі не з'яўляецца трансфармуемым, але яго лагічнае з’яўленне, сістэма каштоўнасцяў і сувязі мностваў могуць быць грунтоўна трансфармаваны. Траекторыя гэтых змен складае універсалізуючую дыяганаль энцыклапедыі.

Тэза аб адназначнасці ўніверсальнага адсылае ў выніку ўніверсальную сінгулярнасць да агульных палажэнняў, якія рэгулююць партыкулярнасці. Гэтая тэза можа схапіць толькі лагічны акт, які вызначае ўніверсальна і адназначна трансфармацыю з’яўлення. Гэтая змена, канешне, ніколі не завяршаецца, паколькі, заўсёды лакалізаваны, першапачатковы адназначны акт, патрабуе адданасці. Т.б. вынаходніцтва высноваў настолькі ж бясконцае, наколькі і сама сітуацыя. Адсюль сёмая тэза.

7. Любая ўніверсальная сінгулярнасць незавершаная, ці адкрыта.

Адзіны каментар, які патрэбны дзеля гэтай тэзы, датычыцца завязвання ў вузел суб’екта, т.б. лакалізацыі ўніверсальнай сінгулярнасці і бясконцага, як анталагічнага закона быцця-множным. Паміж філосафамі канчатковасці з аднаго боку і адмаўляючымі ўніверсальнасць рэлятывістамі, ёсць сутнасная згода па пытанню нязначнасці паняцця ісціны. Выкажам гэта ў адной максіме: глухі гвалт, нахабнае панаванне дамінуючай дактрыны правоў чалавека вынікаюць з таго, што гэтыя правы на самой справе правы канчатковасці, і, як паказвае настойлівасць тэмы дэмакратычнай эўтаназіі, правы смерці. Падзейная канцэпцыя ўніверсальных сінгулярнасцяў прадугледжвае, што правы чалавека - гэта правы бясконцасці, як гэта адзначыў Ліятар ў Différend. Ці правы бясконцага сцвярджэння, кажучы дакладней, правы радавога [ад слова “род”].

8. Універсальнасць - гэта нішто іншае, як адданае канструяванне бясконцага радавога мноства.

Што трэба разумець пад “радавым мноствам”? Усяго толькі падмноства сітуацыі, якое не вызначана ніякім прэдыкатам энцыклапедычнай веды, мноства, належнае да яе, але якое не мае ніякай ідэнтыфікацыі, ніякай асобнай уласнасці. Тое, што ўніверсальнае існуе дзеля ўсіх, значыць, што ўключэнне ў яго не залежыць ні ад якога асаблівага вызначэння. Гэтак палітычны сход з’яўляецца ўніверсальным толькі калі ён абыякавы да сацыяльнага, нацыянальнага паходжання, полу і ўзросту. Гэтак пара закаханых з’яўляецца ўніверсальнай, калі стварае ісціну, непадзельную адрознасцю палавых пазіцый. Гэтак навуковая тэорыя з’яўляецца ўніверсальнай толькі таму, што ў яе разгортванні цалкам адсутнічаюць прыкметы яе паходжання. Гэтак творчыя знаходкі, суб’ектамі якіх з’яўляюцца творы, і ў якіх, як сказаў Малармэ, аўтар з’яўляецца скасаванай асобнасцю. Першасныя ўзорныя канфігурацыі, такія як Іліяда і Адысея, адсылаюць не да асабістага імя “Гамер”, а да адсутнасці ўсялякага суб’екта.

Такім чынам, універсальнае паўстае ў выпадковасці дадатку; пакідае выказванне, як шлях знікнення падзеі, засноўваючай яго; ініцыюе свой працэс ў адназначным акце, у якім вырашаецца вартасць таго, што ня мела вартасці; замацоўвае ў гэтым акце суб’ект-мысленне, які знаходзіць высновы і аддана канструюе радавое бясконцае мноства, якое месціцца ва ўласнай адкрытасці - і гэта тое, аб чым Фукідыд казаў, што ў адрознасці ад гістарычнай асобнасці Пелапанэскай вайны, яго гісторыя гэтай вайны “набытак назаўжды”.



Спасылкі па тэксту:

[1] Правіла вылучэння (modus ponens) - правіла, якое заключаецца ў тым, што калі сярод радкоў доказу маецца імплікацыя, а таксама яе антэцэдэнт, то да радкоў доказу можна далучыць кансеквент гэтай імплікацыі. (Н.І. Кандакоў Лагічны слоўнік, “Навука”, М.1971)



Перакладзена з французскай паводле: Alain Badiou, Huit thèses sur l’universel http://www.ciepfc.fr/spip.php?article69

Пераклад зроблены студэнткай 3-га курса праграмы "Сацыяльная і палітычная філасофія" ЕГУ Лінай Мядзведзевай спецыяльна для Belintellectuals.

Ален Бадзью, іншыя публікацыі:

Ліна Мядзведзева, іншыя публікацыі:

Дадаць каментарый