Глабальны Свет
Не рвіце на сабе валоссе. Парады беларускім абітурыентам еўрапейскіх магістратур
Выпускнікі ЕГУ Паліна Магіліна і Аляксей Кажарскі дзеляцца досведам свайго паступлення на магістарскія праграмы еўрапейскіх універсітэтаў. Артыкул ёсць адчайнай спробаю заканспектаваць праведзены ўлетку семінар на аналагічную тэму.
Падзякі і спадзевы. Калі б не было іх, магло і не быць наc. Інфармацыі, якую ўсе больш імкнуцца прадаваць, чым дзяліцца, стала зашмат. Таму асабісты "дзякуй" тым, хто дапамагаў выйгрываць вайну са studera'й. Andrei Neculau з Румыніі, вядомы большасці студэнтаў, якія збіраліся вучыцца ў Швецыі, у 2008 годзе, апісаў працэс свайго паступлення і дагэтуль абнаўляе сваю wiki-старонку. А таксама тым, хто зрабіў талковыя форумы. Марина Ватина, апрача таго, яшчэ і бегала на пошту ў Стакгольме, каб даведацца пра лёс дакументаў малазнаёмых ёй абітурыентаў. Ды ўсім астатнім. Прыйшоў час перадаць далей тое, чаму навучыліся самі за мінулы год. І памятайце, што і пасля Вас людзі будуць сканчаць універсітэты, здаваць тэсты, пісаць матывацыі, спадзявацца і верыць. Будучым аўтарам прысвячаецца.
Нават калі Вы думаеце, што нічога яшчэ не пачалося, Вы, насамрэч, ужо спазніліся, прынамсі, на цэлы год. Але, не спяшайцеся рваць валоссе, а лепш складайце план выратавання. Спачатку запішам гадзіну Х і пачнем раскідваць справы.
Тэрміны.
Хаця тэрміны падачы заявак на навучанне ў магістратуры і на атрыманне стыпендый фактычна раскіданыя па ўсім годзе - ад кастрычніка і да траўня, у залежнасці ад розных інстытуцый, своеасаблівым "глабальным дэдлайнам" можна лічыць студзень. Пасля 15 студзеня, напрыклад, зачыняецца цэнтралізаваная сістэма падачы заявак у вышэйшыя навучальныя ўстановы Швецыі (Studera), спыняюць прыймаць заяўкі прэстыжныя ўніверсітэты Германіі, а таксама некаторыя факультэты Цэнтральнаеўрапейскага Універсітэта (СEU).
З "ранейшых" дэдлайнаў варта прыгадаць стыпендыі Нямецкай службы акадэмічных паменаў (DAAD), а таксама прыём у CEU пакета дакументаў для атрымання т.зв. пацверджання аб умоўным залічэнні (letter of conditional acceptance). (Што гэта такое - глядзіце ніжэй). Гэта значыць, што, у тэорыі, усе дакументы павінны быць падрыхтаваныя ўжо напрыканцы верасня, г.зн. за год да пачатку навучання.
А цяпер падрабязней пра самі дакументы.
1. Curriculum Vitae. Галоўнае што тут трэба сказаць: не пішыце CV за адзін дзень. Лепей выдаткаваць на гэта тыдзень. Чаму? Таму што па меры таго, як Вы будзеце яго складаць, на памяць будзе прыходзіць усё, што Вы раней рабілі, але не запісвалі і пра што, мабыць, даўным-даўна не ўзгадвалі.
"Он не представлял, что настолько крут, до того момента, как начал писать резюме..."
Калі Вы ніколі раней не складалі CV, то ў Вас хутчэй за ўсё ўзнікне тыповае адчуванне: "мне няма чаго пісаць". Аднак, будзьце ўпэўненыя на сто адсоткаў, што гэта адчуванне памылковае. Проста Вы ўсяго, што з Вамі адбывалася, ніяк не можаце трымаць у памяці. Вашая задача палягае ў тым, каб за час напісання CV прыгадаць максімальную колькасць рэлеватных эпізодаў Вашага жыцця. Гэта значыць такіх, якія рэпрэзэнтуюць Вас у выгодным святле і будуць служыць ускоснымі аргументамі для прыёмнай камісіі. Перадусім, канечне, гэта акадэмічныя дасягненні і дзейнасць, сацыяльная актыўнасць, ды іншыя станоўчыя дэталі Вашага бэкграўнду, напр. веданне замежных моваў.
Зразумела, што для паступлення на магістрскую праграму трэба не толькі, (і не столькі), агульны CV, які змяшчае інфармацыю агульнабіяграфічнага кшталту, колькі Ваш інтэлектуальны і акадэмічны бэкграўнд (curriculum vitae academicae).
Калі Вы не можаце пахваліцца вялікай колькасцю акадэмічных дасягненняў (навуковыя публікацыі, удзел у канферэнцыях), то гэта не так страшна, бо, звычайна, высокі ўзровень акадэмічнай актыўнасці з'яўляецца абавязковым патрабаваннем хутчэй на ступені PhD. CV можна скласці, выкарыстоўваючы форму europass http://europass.cedefop.europa.eu/europass/home/vernav/Europasss+Documents/Europass+CV.csp, ці карыстацца выпрабаванымі часам узорамі. Многа добрых парадаў і прыкладаў (не толькі CV, але й іншых дакументаў) можна знайсці тут: http://www.ceu.hu/caw/resources#20
2. Дакумент, які пацвярджае валоданне замежнай мовай. У выпадку англійскай мовы гэта будуць вынікі тэстаў IELTS і TOEFL.
IELTS (academic) - складаецца з чатырох частак: правяраюцца вашыя здольнасці пісаць, чытаць, размаўляць і слухаць на англійскай мове. Максімальны вынік гэтага тэсту - 9.0, але для еўрапейскай магістратуры хопіць і 6.5. Канечне, калі збіраецеся ехаць у Вялікабрытанію, то трэба атрымаць не ніжэй за 7.0, а шмат гуманітарных спецыяльнасцей там патрабуюць нават 8.0. Нягледзячы на тое, што гэта брытанскі тэст, у ім сустракаюцца розныя варыянты вымаўлення і напісання, таму і не варта яго пужацца, калі Вы ўсе жыццё карысталіся "амерыканскай" англійскай. Рэгістрацыя на снежаньскія тэсты ўжо хутка сканчваецца, таму раім заняцца тэстамі ў першую чаргу, калі Вы вырашылі паступаць у гэтым годзе. Прыблізны кошт гэтага экзамену - 120 фунтаў стэрлінгаў у нацыянальнай валюце. За кожны дадатковы сертыфікат (дакумент, які падаецца ўва універсітэт), акрамя пяці пазначанных у заяўцы, прыйдзецца заплаціць каля чатырох фунтаў. Два самых значных недахопа - не ўсе універсітэты ЗША прымаюць вынікі тэсту, ну і, натуральна, кошт: за IELTS давядзецца аддаць больш грошай, чым за яго амерыканскага “брата” TOEFL. Разам з тым, ёсць і свае плюсы. Напрыклад, калі універсітэт, куды Вы плануеце паступаць, зарэгістраваўся у сістэме IELTS, то сапраўднасць вынікаў яны змогуць самі праверыць он-лайн. Грошай больш, але Вам не трэба шукаць аніякія плацёжныя сродкі кшталту крэдытных картак - можна перавесці аплату праз банк. Ну і пяць універсітэтаў, куды Вы збіраецеся адсылаць вынікі, можна паведаміць у дзень экзамену. Такім чынам, есць яшчэ месяц-два на вызначэнне праграм.
TOEFL (Test of English as a Foreign Language), як і IELTS мае чатыры блокі заданняў. Здаецца, TOEFL прайграе ў параўнанні з IELTS. Яго відавочныя мінусы:
1) У нашым рэгіёне няма рэгістрацыйных цэнтраў, у якіх за TOEFL можна было б заплаціць асабіста, (як гэта магчыма з IELTS). Таму рэгістравацца (і плаціць) давядзецца, хутчэй за ўсё, он-лайн. Прычым, для гэтага лепей выкарыстоўваць крэдытную картку альбо адмысловую картку для інтэрнэт-шопінгу, паколькі ETS.org прымае далёка не ўсе дэбітавыя карткі. (Напрыклад, Visa Electron пры он-лайн рэгістрацыі дакладна не працуе). Таксама, магчымая рэгістрацыя па звычайнай пошце, аднак, у гэтым выпадку паскараецца яе дэдлайн - у параўнанні з рэгістрацыяй он-лайн, як магчымыя і іншыя плацёжныя сродкі, кшталту банкаўскіх чэкаў. Больш падрабязна гэтае пытанне можна вывучыць на сайце www.ets.org
2) Пры рэгістрацыі можна выбраць толькі чатыры універсітэта, якія атрымаюць вынікі Вашага тэсту ("score reports"). Для гэтага Вы павінны ведаць інстытуцыянальны код універсітэта (вельмі пажадана), ці яго дакладны адрас. Дадатковыя score reports можа замовіць у любы момант тамсама, дзе Вы замаўлялі сам тэст. Паслуга каштуе прыблізна $17.
3) Яшчэ адна хіба TOEFL у тым, што Вам досыць доўга, (некалькі тыдняў), давядзецца чакаць, пакуль пошта даставіць афіцыйныя вынікі з ЗША ў еўрапейскія універсітэты. IELTS, нагадаем для параўнання, мае адзіную сістэму, праз якую універсітэты могуць самі ўдакладняць Вашыя вынікі. Таму, калі Вы вырашылі здаваць TOEFL, то лепей упэўніцеся ў тым, што універсітэт паспее іх атрымаць.
Пры гэтым, трэба дадаць, што некаторыя універсітэты ўсталёўваюць пазнейшы дэдлайн для моўных тэстаў, г.зн. што пасля таго, як універсітэт атрымае Вашую заяўку, ён пэўны час яшчэ будзе чакаць вынікаў Вашага тэста, якія прыйдуць асобна).
Увогуле, нельга адназначна сказаць, што ёсць "лепшым": TOEFL альбо IELTS. Маюць вагу "суб'ектыўныя" абставіны, такія, напрыклад, як асабістая прызвычаеннасць да брытанскага альбо амерыканскага варыянта ангельскай мовы. Тэсты адрозніваюцца і змястоўна: напрыклад, у TOEFL няма такіх заданняў як "апісанне графіка", а ў IELTS яно прысутнічае.
Таксама памятайце, што:
1) вынікі Вашага TOEFL універсітэт абавязкова мусіць атрымаць ад самой арганізацыі. Тая копія, якую Вы атрымаеце на рукі, ёсць толькі паведамленнем для Вас асабіста і ў якасці афіцыйнага дакумента несапраўдная!
2) попыт на TOEFL натуральным чынам расце па меры таго як прыходзіць час падачы заявак, таму ўвосень рэгістравацца давядзецца як мінімум за месяц. Раней вольных мейсцаў хутчэй за ўсё не знойдзеце. Калі Вы пачалі шукаць магістратуру ў верасні-кастрычніку і хочаце паступіць сёлета, то гэта значыць, што рэгістравацца трэба ЯК МАГА ХУТЧЭЙ! Інакш, давядзецца павандраваць у іншыя гарады, дзе вольныя мейсцы яшчэ застаюцца. (Напрыклад, адному з аўтараў гэтага артыкулу давялося дзеля TOEFL адмыслова ехаць з Вільні ў Рыгу).
3) таксама, пры рэгістрацыі трэба помніць, што існуюць некалькі падвідаў TOEFL. Пра асаблівасці TOEFL paper-based і TOEFL iBT (Internet-based) падрабязна можна пачытаць на афіцыйным сайце. Скажам толькі, што для універсітэтаў яны абсалютна роўназначныя – гэта, проста, тэхнічна розныя спосабы ацэнкі Вашых ведаў. Але ў сувязі з гэтым, паўстае рэзоннае пытанне, які з гэтых двух тэстаў прасцей. Нажаль, на гэты конт у аўтараў артыкула няма актуальнай інфармацыі, але, мяркуючы па тым, што вольныя мейсцы на TOEFL paper-based знікаюць заўважна хутчэй, свае высновы Вы можаце зрабіць самі.
3. Рэкамендацыя (recommendation letter) - важны дакумент і стаўленне да яго ў заходніх універсітэтах вельмі сур'ёзнае. Трэба загадзя падумаць пра тое, хто бы мог даць Вам рэкамендацыйны ліст. Добра, калі гэта будзе дэкан факультэта, ці выкладчыкі, якія маюць навуковую ступень не ніжэй за кандыдата навук/PhD. Істотна, каб рэкамендацыя была змястоўна звязаная з абранай спецыяльнасцю. Звычайна універсітэты патрабуюць ад Вас дзьве рэкамендацыі. У такім выпадку адна з іх можа быць "акадэмічнай", г.зн. скіраванай да таго, каб раскрыць Ваш акадэмічны патэнцыял і паказаць, што Вы былі добрым студэнтам. Другую ж рэкамендацыю, калі ёсць такая магчымасць, лепш узяць у чалавека, які можа пацвердзіць Вашую высокую сацыяльную актыўнасць (напрыклад, у старэйшага калегі па НДА ці ў выкладчыка, які назіраў за Вашай сацыяльнай дзейнасцю ў межах універсітэта). Такім чынам, Вы будзеце пазітыўна ахарактарызаваныя адразу з двух бакоў.
Падрыхтуйце сябе да думкі, што рэкамендацыйныя лісты Вам давядзецца пісаць самастойна. Рэдкі выкладчык знойдзе час гэта зрабіць для Вас. Трэба адзначыць, што ўва Ўсходняй Еўропе гэта досыць распаўсюджаная практыка, таму Вашая "крывадушнасць" у гэтым выпадку не будзе нечым экстраардынарым. Чарнавік ліста лепей прадставіць рэкамендацелю загадзя, каб ён паспеў з ім азнаёміцца і ўнесці свае карэктывы і дапаўненні. Увогуле, на афармленне ліста можа спатрэбіцца каля месяца, улічваючы, што выкладчыкі - людзі хранічна занятыя, а падганяць іх не ў Вашых інтарэсах. Такім чынам, базавы алгарытм з рэкамендацыямі наступны: 1) Знайсці рэкамэндацеляў і дамовіцца з імі 2) Падрыхтаваць чарнавы варыянт ліста і ўзгадніць яго з рэкамендацелем 3) Падпісаць фінальны варыянт. Пры гэтым, пажадана падпісаць адразу некалькі копій - "з запасам" для розных універсітэтаў. Таксама, трэба ўлічваць, што некаторыя універсітэты маюць спецыфічную працэдуру падачы рэкамендацый. Напрыклад, у CEU рэкамэндацель сам дасылае рэкамендацыю праз электронную форму, якая размешчана на сайце універсітэта. Іншыя універсітэты патрабуюць, каб рэкамендацыя была выкананая на папяровым бланку ўніверсітэта, ці каб рэкамендацель сам дасылаў рэкамендацыю ўва універсітэт па пошце. Зразумела, што такія рэкамэндацыі будуць патрабаваць дадатковых сустрэч і ўзгадненняў з Вашымі рэкамендацелямі.
4. „Транскрыпты”, ці, па-славянску кажучы, акадэмічная даведка („transcript of records“), якая змяшчае інфармацыю пра паслуханыя Вамі курсы, і дакумент-пацверджанне таго, што ў бягучым акадэмічным годзе Вы атрымаеце дыплом ("proof of anticipated degree"). У адрозненні ад Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта (ЕГУ), дзе абодва вышэйузгаданыя дакументы выдаюцца адразу на англійскай мове і ў “цывілізаваным” фармаце, з іншымі беларускімі ВНУ працэдура будзе больш складанай.
Стандартную акадэмічную даведку можна замовіць у дэканаце Вашага ВНУ. Затым, гэтую акадэмічную даведку Вам давядзецца перакладаць у бюро перакладчыкаў і пацвярджаць у натарыюса. Перад тым, як пачнеце гэта рабіць, абавязкова ўдакладніце патрабаванні універсітэта. У некаторых выпадках універсітэты прымаюць пераклады акадэмічных даведак з пячаткай бюро перакладчыкаў, іншыя патрабуюць, каб дакумент абавязкова прайшоў натарыюса. Калі, у рэшце рэшт, высвятлілася, што Вам усё ж ткі трэба паходзіць працэдуру цалкам, то абавязкова прасачыце за тым, каб акадэмічную даведку ў дэканаце Вам выдалі "па форме": з усімі выходнымі дадзенымі, улучна з подпісамі і іх "расшыфроўкамі" (імя, прозвішча), датай, рэгістрацыйным нумарам дакумента. Інакш, беларускі натарыюс проста адмовіцца з ёй працаваць.
Калі Вы навучаецеся адначасова ў двух універсітэтах, то можаце падаць дакументы з абодвух - гэта безумоўны плюс. Але будзьце паслядоўныя - калі Вы заявілі два універсітэта, то дасылайце акадэмічныя даведкі/транскрыпты з абодвух. Калі Вы не хочаце марнаваць час на афармленне двух універсітэцкіх транскрыптаў, то лепей увогуле не ўзгадваць другі універсітэт. Рэч у тым, што некаторыя універсітэты, (не ўсе, але некаторыя!), па сваіх уласных правілах абавязаныя запатрабаваць у Вас афіцыйна задакументаваныя вынікі з усіх навучальных установаў, дзе Вы так ці йнакш прысутнічалі.
5. Іншыя дакументы. Перадусім, спіс дакументаў, з якіх мусіць складацца Вашая заяўка, трэба ўважліва ўдакладняць на сайце універсітэта (а, калі трэба, то і шляхам асабістых кансультацый з універсітэтам праз электронную пошту). Акрамя вышэйазначаных, г.зн. пацверджання валодання замежнай мовай, акадэмічнай даведкі (academic transcripts) і пацверджання будучага дыплому (proof of anticipated degree), CV і рэкамендацыйных лістоў - якія разам складаюць Ваш "дзяжурны набор", у Вас, у залежнасці ад правіл універсітэта, таксама могуць запатрабаваць наступныя дакументы:
1) Матывацыйны ліст (motivation letter), у якім Вы мусіце патлумачыць, чаму Вы хацелі б вучыцца на дадзенай праграме, а таксама, прычыны, па якіх сярод іншых магчымых кандыдатаў варта выбраць менавіта Вас, і, таксама, як Вы плануеце скарыстаць атрыманыя ў магістратуры веды.
2) Фрагмент Вашае пісьмовае працы (writing sample). Часам, універсітэт лічыць мэтазгодным ацаніць узровень Вашага акадэмічнага пісьма. Writing sample можа быць тэматычна ніяк не звязаны з дадзенай магістрскай праграмай. У такім выпадку Вам давядзецца проста выбраць кавалачак з Вашых ранейшых прац і, пры неабходнасці, перакласці на адпаведную мову.
3) Профільнае эсэ (essay), у якім Вы мусіце прадэманстраваць уласную абазнанасць і здольнасць аналізаваць тэматычную праблематыку Вашых будучых штудый.
Асобна пра фінансы.
Акрамя платы за тэсты, Вам, цалкам імаверна, таксама спатрэбяцца грошы на кур'ерскую пошту. Кур'ерская пошта з'яўляецца звышхуткім сродкам дастаўкі Вашых дакументаў у універсітэт і Вашай "апошняй надзеяй". У выпадку, калі да дэдлайна засталося меньш за тыдзень, а ў Вас яшчэ не высах атрамант на рэкамендацыйных лістах, Вам давядзецца звярнуцца да адной з кур'ерскіх службаў. Паслугі DHL, сусветна найбольш вядомай з іх, даступныя ў Беларусі. (Адмыслова для студэнтаў ЕГУ: у Літве самым танным варыянтам на сённяшні дзень з'яўляецца служба EMS; (яна таксама працуе і ў Беларусі). У Вільні яна ёсць у цэнтральных паштовых офісах горада. EMS дазваляе сачыць за перамяшчэннем дакументаў он-лайн, праўда, он-лайн рэпорты часьцяком спазняюцца. Тэрмін дастаўкі - ад трох да пяці дзён, з папраўкай на ўік-энд. Кошт - каля 150 літоўскіх літаў.
Яшчэ адзін магчымы артыкул выдаткаў, які ўжо ўзгадваўся вышэй, гэта паслугі перакладчыка і натарыюса, у выпадку, калі акадэмічныя даведкі, (ці іншыя дакументы), Вам былі выдадзеныя не па-англійску. Акрамя натарыюса і бюро перакладаў, існуе яшчэ і такі варыянт, калі правільнасць пераклада пацвярджаецца кафедрай англійскай (ці іншай адпаведнай) мовы таго універсітэта, у каторым была выдадзеная акадэмічная даведка. Аднак, юрыдычныя патрабаванні да афармлення Вашых дакументаў лепей папярэдне ўзгадняць з універсітэтам.
Куды гэта ўсё дасылаць
Google Вам дапаможа. Нажаль, іншага "універсальнага адказу" не існуе. Перад Вамі доўгая і карпатлівая работа па пошуку і апрацоўцы інфармацыі, фінальны вынік каторай залежыць толькі ад Вас саміх.
На што звяртаць увагу
Асноўныя пункты, па каторым Вы мусіце фільтраваць інфармацыю гэта:
1) Eligibility: неабходна адразу высветліць, ці пасуеце Вы, як абітурыент, па агульных крытэрыях. Сярод крытэрыяў могуць быць, напрыклад, патрабаванні да Вашага дыплому, e.g. колькасць крэдытаў/гадзін па выбранай спецыялізацыі. Сюды ўваходзіць і наўянасць у Вашым будучым універсітэце так званага conditional acceptance (умоўнага залічэння, залічэння да атрымання першага дыплома). Памятайце, што не ўсе ўніверсітэты прыймаюць абітурыентаў, якія давучваюцца на апошнім курсе бакалаўрыята і яшчэ не маюць на руках дыплома.
2) Deadline: адразу трэба паспрабаваць зразумець і тое, ці паспееце Вы сабраць і падаць дакументы - з улікам усіх неабходных для гэтага "хадоў". Калі не, то магчыма, лепей не марнаваць звышкаштоўны час і адразу пераключыцца на іншы варыянт.
3) Money: ніколі не губляйце з віду фінансавае пытанне, у якое ўваходзіць як аспект, уласна, коштаў самой магістарскай праграмы, так і грошы на пражыццё.
У сувязі з апошнім пунктам трэба зрабіць ключавую заўвагу. Улічваючы тое, што бясплатных адукацыйных магчымасцей, (прынамсі, у сферы англамоўнай адукацыі), на сённяшні дзень існуе ў Еўропе не так і шмат, побач з уласна магістратурай, Вам непазбежна давядзецца шукаць фінансаванне ў выглядзе стыпендыі (scholarship).
Сувязь паміж магістрскай праграмай і выдаткаванай на яе стыпендыю ("схема") можа мець досыць розны выгляд.
Схема 1. Стыпендыю выдаткуе той універсітэт, які прымае Вас на навучанне. Звычайна, заяўка на фінансавую падтрымку (financial aid) падаецца адначасова з заяўкай на паступленне, але бывае, што і пасля таго, як Вы ўжо паступілі ўва універсітэт. У любым выпадку, тут Вы ўзаемадзейнічаеце толькі з адной інстытуцыяй - універсітэтам.
Схема 2. Фінансаванне выдаткуе не ўніверсітэт, а фонд. У гэтым выпадку Вам давядзецца каардынаваць сувязь паміж гэтымі дзьвума інстытуцыямі. Схема 2 можа мець розную колькасць "хадоў" - у залежнасці ад таго, як суадносяцца дэдлайны заявак у фонд і ўва універсітэт.
Разглядзім такі прыклад: скажам, дэдлайн для падачы заяўкі на стыпендыю Міжнароднага Вышэградскага Фонда (IVF) - 31 студзеня. Да гэтага часу Вам патрэбна дамовіцца з універсітэтам пра тое, што Вас прыймаюць на навучанне. Універсітэт мае даслаць Вам афіцыйнае пацверджанне аб умоўным залічэнні (так званы letter of conditional acceptance, які ўжо ўзгадваўся вышэй у сувязі з дэдлайнамі ў CEU). Умовамі (conditions) Вашага залічэння ў дадзеным выпадку выступае то, што напрыканцы бягучага навучальнага году Вы атрымаеце свой бакалаўрскі дыплом/дыплом спецыяліста і, пры гэтым, будзеце здольныя фінансаваць Вашае навучэнне. Гэты ліст Вы, затым, выкарыстаеце ў Вашай заяўцы на стыпендыю. Фінансаванне выдаткуецца фондам канкрэтнаму чалавеку для канкрэтнай магістрскай праграмы на падставе яго заяўкі. Калі Вам, нарэшце, пашэнціла і Вы перамаглі ў конкурсе фонда на стыпендыю, то з гэтай стыпендыяй Вы вяртаецеся ў свой новы універсітэт і канчаткова становіцеся там сваім.
Трэба таксама дадаць, што схема 2 можа быць камбінаванай, (што асабліва імаверна ў выпадку высокіх коштаў навучання, калі адна стыпендыя ад адной інстытуцыі не пакрывае ўсяго). У такім выпадку крыніцаў фінансавання можа быць некалькі: універсітэт, фонд, а таксама другі фонд і г.д. Злучыць усё гэта ў адно - Ваша асабістая задача і адказнасць.
Што важна памятаць пры пошуку стыпендыі?
Заўжды ўважліва глядзіце пункт eligibility, г.зн. ці пасуе ўвогуле Ваша кандыдатура па ўсіх крытэрах дадзенай стыпендыяльнай праграмы. Большасць стыпендый мае "адрасны" характар, гэта значыць, што яны прадугледжаныя для пэўнай катэгорыі людзей. Напрыклад, магістрскую стыпендыю Эразмус Мундус могуць атрымаць толькі тыя грамадзяне Беларусі, якія цягам апошніх пяці год не жылі і не вучыліся на тэрыторыі Еўразвяза (гл. ніжэй).
Як пачаць пошук універсітэта?
На нашую думку, найбольш лагічны варыянт - гэта пошук па краінах. Пачаць можна, забіўшы ў пашукавік словы "study in..(падставіць краіну)". Як правіла, для кожнай краіны існуе адпаведны сайт, дзе месціцца агульная інфармацыя пра сістэму вышэйшай адукацыі, стыпендыяльныя праграмы, галоўныя універсітэты, etc. Напрыклад, www.studyinsweden.se, www.studyin.sk, www.studyinnorway.no.
Крыху пра асаблівасці некаторых краін, - з таго, што самі даведаліся.
Швецыя.
Тут усё выглядае вельмі зручна і празрыста, дзякуючы поўнай "цэнтралізацыі" працэсу паступлення. Існуе адзіная сістэма электронных заявак: (www.studera.nu) і адзіная крыніца фінансавання: Шведскі Інстытут. Самі універсітэты стыпендый прапаноўваць не могуць. Больш падрабязна пра шведскія адукацыйныя магчымасці можна пачытаць на www.studyinsweden.se. Раім Вам таксама вельмі якасны рускамоўны форум www.studyinsweden.ru/forum. Стваральнік і мадэратар – Марина Ватина (Расія). Выдатная арганізацыя, многа карыснай інфармацыі.
З іншага боку, мусім адзначыць, што Швецыя - варыянт вельмі спецыфічны. Прывабнасць Швецыі ў тым, што яна прапануе бясплатную англамоўную адукацыю (рэдкі выпадак для Еўропы), прычым бясплатную - у тым ліку і для абітурыентаў-замежнікаў (двойчы рэдкі выпадак). Калі дадаць да гэтага яшчэ і высокі ўзровень жыцця, то становіцца зразумела, чаму ў апошнія гады конкурс на паступленне ў шведскія ўніверсітэты вырас да неімавернага ўзроўню. Адным з наступстваў гэтага з'яўляецца брутальны бюракратычны хаос у цэнтралізаванай сістэме паступлення, у якім абітурыенту часта вельмі складана арыентавацца. Падвышаецца імавернасць бюракратычных памылак, вельмі цяжка высветліць дакладную інфармацыю па патрабаваннях канкрэтных універсітэтаў да заяўкі. І вельмі-вельмі складана хоць як прыблізна ацаніць свае шансы на паступленне.
Таму, як на нашу думку, зручнасць паступлення ў шведскія універсітэты хутчэй ілюзорная. Cам па сабе, працэс падачы заяўкі (application) забірае досыць многа сіл і нерваў, пры тым што, зважаючы на высокі ўзровень канкурэнцыі, перспектывы могуць выглядаць досыць цмяна. Але думаць пра перспектывы на стадыі падачы заяўкі ў Вас часу, хутчэй за ўсё, не будзе. Як напісаў ветэран уступнай кампаніі ў шведскія ўніверсітэты Andrei Neculau: Win the application battle. Worry about the admission later!
Нарэшце, вялікая колькасць абітур'ентаў з замежжа, якія навучаюцца за бюджэтныя грошы, натуральна выклікае раздражненне ў шведскіх падаткаплацельшчыкаў. У сувязі з гэтым у шведскім парламенце ўжо даўна існуе праект закона аб пераводзе адукацыі для замежнікаў на платную аснову. Пакуль што, гэты закон не быў прыняты, але гэта можа здарыцца ў самым хуткім часе. На форуме www.studyinsweden.ru па гэтай тэме існуе адмысловая галіна, за якой мы раім сачыць.
З іншага боку, калі такі закон усё ж ткі з'явіцца, то гэта не будзе значыць, што Швецыя для Вас зачыненая раз і назаўжды. Лагічна ўявіць, Шведскі Інстытут павялічыць памер стыпендый, пры меньшай іх колькасці. Дарэчы, зараз выйграць стыпендыю Шведскага Інстытута, калі Вы ўжо паступілі ў адзін са шведскіх універсітэтаў, не так і цяжка. Конкурс складае ўсяго каля пяці чалавек на мейсца. Аднак, (і пра гэта важна помніць!) стыпендыю Шведскі Інстытут можа даць толькі ў тым выпадку, калі Ваша магістрская праграма ёсць у спісе падтрыманых ім сёлета праграм. Гэты спіс абавязкова ўважліва вывучыць перад тым, як падаваць заяўку ўва універсітэты.
З усяго гэтага можна выснаваць наступнае. Паступаць у Швецыю не толькі можна, але і трэба, бо прывабнасць шведскай адукацыі, здаецца, "перакрывае" ўсе мітрэнгі, звязаныя з паступленнем. Толькі нельга ні ў якім разе рабіць шведскія універсітэты сваім галоўным ці, тым больш, адзіным варыянтам. І, адпаведна, не трэба губляць на іх усе свае сілы.
Германія
Для Германіі трэба цярпенне і скрупулёзнасць (нямецкі характар!!!), бо варыянты з магістратурай, дзе Вам яшчэ і стыпендыю даваць будуць можна шукаць аж да мая-чэрвеня. Канешне, DAAD закрывае магчымасці на некаторыя праграмы ўжо ў лістападзе, а Freie Universität Berlin ды Humboldt Universität стараюцца зрабіць гэта ў студзені. Але ў Германіі нават школьныя вакацыі пачынаюцца па-рознаму ў розных федэральных землях, не тое, каб адзіныя даты для магістратур ды стыпендый мець, як шведы. Найбольш вялікі, але далёка не поўны спіс магчымасцей можна паглядзець тут - http://www.daad.de/deutschland/foerderung/stipendiendatenbank/00462.en.html. Акрамя стыпендый універсітэтскіх і праз DAAD, таксама існуе падтрымка студэнтаў рознымі фундацыямі - палітычнымі, рэлігійнымі і г. д. Таму, калі Вы цверда вырашылі вучыцца ў Германіі, то ўжо час грукаць ў дзверы.
Верагоднасць, што Вам дзе-небудзь адкрыюць, - вялікая. Аднак, у сувязі з апошнімі эканамічнымі падзеямі, існуе імавернасць атрымаць стыпендыю, якая будзе толькі часткова пакрываць вашыя выдаткі на адукацыю. Падрабязней пра вучобу і жыццё ў Германіі чытайце на http://www.study-in-germany.de/
Вялікабрытанія
Англасаксонская адукацыя дарагая. Гэта першае, што трэба засвоіць.
Нажаль, як бы прывабна Вялікабрытанія не выглядала, шансы атрымаць тут поўную стыпендыю досыць малыя. Можна, безумоўна, разлічваць на зніжку аплаты. Але, пры гэтым, кошты навучання для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у Еўразвяз, сягаюць ў раён 10 000 еўра. Існуе стыпендыяльная праграма Chevening scholarships, якая шчодра фінансуе навучанне ў Вялікабрытаніі, але яна мае сур'ёзнае абмежаванне: абітурыенты мусяць мець працоўны стаж пасля атрымання першай ступені адукацыі. Калі ж Вы ўсе ж-такі вырашылі ўвязацца і ў гэту "вайну", рыхтуйцеся да прынцыпіальна іншай працэдуры электроннай аплікацыі, чым у Еўропе.
Нарвегія
У Нарвегіі існуе дзяржаўная праграма падтрымкі англамоўных магістрскіх праграм для замежнікаў (the Quota Scheme). Абмежаванні: фінансавую падтрымку не могуць атрымліваць абітурыенты, якія на момант падачы заяўкі жывуць па-за межамі сваёй роднай краіны. Падрабязней пра Quta Scheme чытайце тут: http://www.uio.no/english/academics/admission/quota/
Галандыя
Шукайце інфармацыю вось па гэтаму адрасу: http://www.nuffic.nl/
Апошнім часам, шмат якія універсітэты гэтай краіны патрабуюць ад абітурыентаў разам з заяўкай на стыпендыю падпісаць т. зв. return statement, г.зн. дэкларацыю аб тым, што пасля сканчэння навучання Вы не будзеце працаваць за мяжой, а вернецеся ў сваю родную краіну. Калі гэта супярэчыць Вашым планам, то глядзіце ўважліва на return statement. Трэба, аднак, дадаць, што пра юрыдычную cілу гэтага дакумента нічога высветліць у нас не атрымалася.
Якія стыпендыі і фонды можна параіць?
Міжнародны Вышэградскі Фонд (International Visegrad Fund). Прапануе стыпендыі беларускім магістрантам для навучання ў ЛЮБЫМ універсітэце краін так званай вышэградскай чацьверкі: Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Чэхіі. Сайт - www.visegradfund.org
Стыпендыя Еўразвязу па праграме супрацоўніцтва і мабільнасці ERASMUS MUNDUS гэта ўвогуле мара. Грошай хопіць не толькі на жыцце, але і на падарожжы, ды і магістрскія праграммы Erasmus Mundus - адно вялікае падарожжа, бо кожны семестр трэба пераязджаць у новы універсітэт і пачынаць усе спачатку. Азнаеміцца са спісам праграм і правіламі можна тут - http://eacea.ec.europa.eu/erasmus_mundus/results_compendia/selected_projects_action_1_master_courses_en.php. Знаходзіце праграму, звязвываецеся з універсітэтам-каардынатарам праграмы, адсылаеце заяўку і чакаеце. Універсітэт-каардынтар сам вызначае, у якіх універсітэтах сеткі вы будзеце вучыцца. У прошлым годзе гэтай магчымасцю скарысталіся 60 беларусаў, але толькі 5 з іх атрымалі стыпендыю. Нажаль, фінансаванне не атрымаюць тыя, хто больш аднаго года за апошнія 5 гадоў жыў у краінах Еўразвязу. На конт студэнтаў ЕГУ не існуе адзінага меркавання, але ў большасці выпадкаў былі адмовы.
Калі ўжо нават неабходнасць паступіць у магістратуру не адрывае ад сацыяльных сетак, можна зрабіць іх сваімі сябрамі! У профільных групах Кантакта і facebook'а шмат карыснай інфармацыі. Вядома ж, дзве галавы лепей.. Але гэта не заўсёды так у сетках - бо, многія з тых, хто пішуць у групы, не ўмеюць карыстацца пашукавікамі. Толькі некалькі прыкладаў груп, дзе ўсе ж-такі "штосьці есць":
Facebook
Scholarships & Fellowships for Eastern European and Central Asian Students - http://www.facebook.com/group.php?gid=101236005059
International student exchange, internships, scholarship programmes -
http://www.facebook.com/group.php?gid=6810798037
ВКОНТАКТЕ
Международный студенческий обмен, гранты, стажировки, программы, путешествия за границу - http://vkontakte.ru/club27785
Образование за рубежом ПРОСТО - http://vkontakte.ru/club8601479
Перад тым, як Вы пачнеце, дазвольце даць Вам яшчэ некалькі парадаў.
Супрацоўнічайце!
Пастаянны абмен інфармацыяй з калегамі вельмі нязначна павялічвае канкурэнцыю, затое ў некалькі разоў падвышае Вашыя шансы. А таксама, значна паляпшае маральны стан - асабліва ў перыяд "вясновага абвастрэння" (красавік), калі пачынаюць прыходзіць першыя адказы. Не падманвайце!
Памятайце, што універсітэты і, асабліва, фонды актыўна абменьваюцца інфармацыяй. Аднойчы сапсаванае рэнамэ аднавіць будзе цяжка.
Не стаўце ўсе грошыкі на аднаго каня!
Папраўдзе, каб мець больш-меньш цверды шанец, Вы мусіце адпрацоўваць адначасова 3-4 варыянты.
Плануйце загадзя!
Калі да іспыту ва універы і можна падрыхтавацца за адну ноч, то з магістратурай гэтая формула не спрацуе. Прынамсі, пакуль у Вас няма набору дзяжурных дакументаў. Пасля таго, як ён у Вас з'явіцца, падача кожнай новай заяўкі будзе адбывацца амаль незаўважна. Вы зможаце паспяхова і за ноч перапрацаваць свой матывацыйны ліст і адаптаваць пакет дакументаў для чарговага універсітэта.
Не адчайвацеся!
Помніце, што вырванае валоссе доўга адрастае. ;)
І Вам пашэнціць.
Аляксей Кажарскі, іншыя публікацыі:
- «Ранний» Виттгенштейн: от логического трансцендентализма к перформативным тавтологиям
- Алесандра Ферара. Пра панятак сацыяльнай філязофіі (рэферат)
- “Другая схалястыка” і “схалястычны эўдайманізм”: трактоўка шчасьця ў Лукі Залускага і Тэадора Білевіча
- Ариф Дирлик. Постколониальная аура: критика Третьего мира в эпоху глобального капитализма (реферат)
Каментарыі (20)
|
# Перадрук матэрыялу на Arche
26.10.2009 20:03 |
|
# Перадрук матэрыялу на "Будзьма!"
26.10.2009 20:04 |
|
# IBM
27.10.2009 23:53 |
Cправочник стипендий и грантов для обучения в европейских университетах: http://vsekonkursy.ru/?page_id=176 + сам сайт "Конкурсы, гранты, научные конференции" |
|
# Juan
28.10.2009 03:10 |
Артыкул будзе скарыстаны на практыцы ў наступным годзе! Асобнае дзякуй IBM за спасылку. Прапаную ўтрымальнікам сайта напісаць артыкул пра тое, як жывуць, дзе працуюць, дзе вучацца выпускнікі ЕГУ-2009, вельмі цікава! |
|
# Лидия Михеева
28.10.2009 16:33 |
Спасибо! Полезно, понятно. Блестяще! |
|
# IBM
30.10.2009 10:09 |
всегда к услугам моих любимых студентов )) Всем удачи! |
|
# Aliaksei
30.10.2009 13:51 |
Гы. Надо было нам Вас пригласить в со-авторы |
|
# IBM
30.10.2009 18:56 |
Гы-гы, надо было! |
|
# Таня
30.10.2009 19:55 |
а Вы хто? калі не сакрэт. |
|
# IBM
02.11.2009 19:04 |
И немного по постодокам (для молодых кандидатов наук): Central Europe and Eurasia Individual Grant Programs (USA) www4.nationalacademies.org/oia/oiahome.nsf Deadlines: April 15 and August 27. CRDF (полный список программ) www.crdf.org/ApplicationForms/apps.html Fulbright Visiting Scholar Program www.fulbright.org.ua/programs.html Deadline: October 31. NRC Research Associateship Programs www4.nationalacademies.org/pga/rap.nsf www4.nationalacademies.org/pga/rap.nsf/webdocuments/Instructions2002 Deadlines: January 15, April 15, August 15. Women's International Science Collaboration (WISC) Program www.nsf.gov/sbe/int/ce_europe/ceenew.htm www.aaas.org/international/wiscnew.shtml Deadline: July 15. Institute for Advanced Study, Princeton www.sns.ias.edu/memberships.html LANL Postdoctoral Program См. также: поисковик по североамериканским fellowships и грантам http://chronicle.com/jobs/ (в основном внутриуниверситетским). Канада NSERC-NATO Science Fellowships www.nserc.ca/guide/sf/3e_e.htm Deadline: September. Visiting Fellowships in Canadian Government Laboratories www.nserc.ca/guide/sf/3d_e.htm Research Associateships Program hr.nrc.ca:8080/HRB/CareerPg.nsf/grade/RAProgram Cм. также: список всех канадских грантов http://www.destineducation.ca/intstdn..., на которые могут претендовать иностранцы. UK The Royal Society/NATO Postdoctoral Fellowship Programme www.royalsoc.ac.uk/funding/fuk/natosu... next deadline – October 1. Краткосрочный (до полугода) визит в UK The Royal Society – Study visits to the UK from former Soviet Union www.royalsoc.ac.uk/funding/fsusum.htm next deadline – September 1. www.jobs.ac.uk – очень качественный поисковик но английским fellowships и грантам (в основном внутриуниверситетским). Там также можно подать в базу данных свое CV (толку никакого, но сделать все же надо :) ). Germany DAAD kiev.daad.de/ua/index.html Alexander von Humboldt Foundation www.avh.de/en/programme/index.htm Deutsche Forschungsgemeinschaft www.dfg.de/english/coop/middle_east_e... Max Planck Institutes France www.crlf.r52.ru/ru/index.phtml EU Italy www.ictp.trieste.it/www_users/ItaLab/... www.sissa.it/Bandi/Postdoc/post.html Austria Lise Meitner Program for scientists from abroad www.fwf.ac.at/en/projects/meitner.html Hungary Norway www.forskningsradet.no/english/fellow... Poland |
|
# Palina
02.11.2009 20:19 |
:)))) существенное дополнение! есть куда расти) |
|
# IBM
02.11.2009 20:48 |
не за что! растите большими, вам всем это по плечу: главное ведь - не возможность гранта, а благодатная почва для его реализации... то есть мозх ))) |
|
# Val
17.11.2009 11:06 |
Отправлю ссылку всем знакомым - статья превосходная! спасибо! |
|
# Aliaksei
30.11.2009 01:07 |
|
# Palina
09.05.2010 03:24 |
Facebook: |
|
# Аня
17.08.2010 20:32 |
Спасибо за статью, на самом деле, супертолковая. Я все эти эатпы прошла сама, правда, начала в октябре, но как-то все успела... Главное - не утонуть в обилии информации, по-моему, потому что разных грантов просто сотни, но потом оказвается, что 98% тебе не подходят изначально, а на оставшиеся 2% конкурс 560 человек на место=))) Надо превратиться в старателя и вымывать золото... |
|
# Аня
17.08.2010 20:38 |
Добавочка: последние абзацы - чистая правда. Я подала доки на 5 разных программ/стипендий. Меня приняли в 2, но стипендию получила только в 1... Итого - 1 из 5=)))) |
|
# personal loans
20.06.2011 09:54 |
All people deserve good life and home loans or secured loan will make it better. Because people's freedom depends on money. |
|
# BeckyLawson32
27.01.2012 11:42 |
Houses and cars are quite expensive and not everyone is able to buy it. But, <a href="http://goodfinance-blog.com/topics/credit-loans">credit loans</a> was created to help people in such hard situations. |








