Дэфініцыя філасофіі
Філасофія прадпісана ўмовамі, якія з’яўляюцца тыпамі ісціннасных, ці радавых [ад слова “род”] працэсаў. Гэтыя тыпы - навука (ці, дакладней кажучы, “матэма”), мастацтва (дакладней - “паэма”), палітыка (дакладней - палітыка знутры, палітыка разняволення) і каханне (дакладней - працэс, ў якім ствараецца ісціна дыз’юнкцыі палавых пазіцый).
Філасофія - гэта месца мыслення, дзе выказваецца, што ісціны “маюць месца” [у сэнсе “быць”, “адбывацца”] і што яны сумесна магчымыя. Каб зрабіць гэта, яна стварае дзеля аперыравання катэгорыю Ісціны, з дапамогай якой раскрывае ў мысленні актыўную пустэчу. Гэтую пустэчу магчыма ўлавіць на вывараце паслядоўнасці (падчас аргументуючага выказвання), і па той бок мяжы (падчас пераконваючага, ці суб'ектывіруючага выказвання). Дыскурс філасофіі арганізуецца як сумяшчэнне “раблення” (fiction) веды і “раблення” мастацтва.
У пустэчы, адкрытай разрывам, ці інтэрвалам двух “рабленняў”, філасофія захоплівае ісціны. Гэты захоп з’яўляецца яе дзеяннем. Сваім дзеяннем філасофія дэкларуе, што ісціны маюць месца быць, і робіць так, што мысленне схоплена ў гэтым “месцы”. Тое, што мысленне схопліваецца праз філасофскае дзеянне, сведчыць пра адзінства мыслення.
У якасці навуковага “раблення” філасофія імітуе матэму. У якасці мастацкага “раблення” яна імітуе паэму. Інтэнсіўнасць яе дзеяння падобна на каханне без аб’екту. Адрасаваная ўсім, дзеля таго каб усе былі схоплены ў існаванні ісцін, яна падобная на палітычную стратэгію без здзяйснення ўлады.
З гэтай чацвярной дыскурсіўнай імітацыі філасофія завязвае сістэму сваіх умоваў у саму сябе. Таму кожная асобная філасофія аднародная са стылем сваёй эпохі. Гэта заўсёдная сучаснасць арыентуецца, аднак, не на эмпірычны час, а на тое, што Платон называе “заўжды часу”, на не-часовую сутнасць часу. Філасофскі захоп ісцін падводзіць іх пад вечнасць, ці, можна сказаць разам з Ніцшэ, вечнасць іх вяртання. Гэтае адвечнае падвядзенне тым больш рэальнае, таму што ісціны захопліваюцца ў крайняй спешцы, крайняй беспадстаўнасці іх шляху ў часе.
Дзеянне захопу, арыентаванае на вечнасць, вырывае ісціны з абалонкі сэнсу, аддзяляе іх ад сусветнай заканамернасці. Філасофія выключае, яна робіць дзірку ў сэнсе, т.б. перарывае цыркуляцыю сэнсаў, каб ісціны былі выказаныя сумесна. Філасофія - бессэнсоўнае дзеянне, і гэтым яно рацыянальна.
Філасофія ніколі не з’яўляецца інтэрпрэтацыяй вопыту. Яна - гэта дзеянне Ісціны ў адносінах да ісцін. І гэтае дзеянне, якое ў адпаведнасці з сусветнай заканамернасцю - непрадуктыўнае (яно не стварае ніводнай ісціны), размяшчае суб’екта без аб’екта, адкрывае яго ісцінам, праходзячым скрозь яго схопліванне.
Назавем “рэлігіяй” тое, што прадугледжвае сувязь паміж ісцінамі і цыркуляцыяй сэнсу. Мы можам сказаць: насуперак герменэўтыцы, т.б. супраць усялякай рэлігійнай заканамернасці сэнсу, філасофія размяшчае пасярод пустэчы сумесную магчымасць ісцін. Яна выключае з мыслення любое дапушчэнне Наяўнасці (Présence).
Аперацыі выключэння, з дапамогай якіх філасофія схоплівае ісціны “па-за сэнсам”, паўстаюць у чатырох мадальнасцях: невырашальнае, якое суадносіцца з падзеяй (ісціна ня ёсць, яна здараецца); неадрознае, якое суадносіцца са свабодаю (шлях ісціны не прымусовы, а выпадковы); радавое, суадноснае з быццём (быццё ісціны - гэта бясконцая множнасць, якая выключана з прэдыкатаў веды); неназванае, якое суадносіцца з Дабром (называнне неназыванага выклікае катастрофу).
Схема аб’яднання чатырох фігур выключэння (невырашальнае, неадрознае, радавое і неназыванае) вызначае філасофскую тэорыю Ісціны. Згодна з гэтай схемай адбываецца мысленне пустэчы, пасярод якой схоплены ісціны.
Філасофскі працэс палярызаваны асаблівым сапернікам - сафістам. Сафіст знешне (ці дыскурсіўна) не адрозніваецца ад філосафа, паколькі яго аперацыі таксама камбінуюць “рабленне” веды і “рабленне” мастацтва. Суб’ектыўна ж, ён супрацьстаіць філосафу тым, што мэта яго моўнай стратэгіі - пазбегнуць любога пазітыўнага сцвярджэння наконт ісцін. У гэтым сэнсе мы можам вызначыць філасофію як акт, з дапамогай якога дыскурсы, якія нельга адрозніць, усё ж супрацьстаяць адзін аднаму. Ці, таксама, як тое, што адрознівае сябе ад свайго двайніка. Філасофія - заўжды разбіванне люстэрка. Гэтае люстэрка - паверхня мовы. На паверхню мовы сафіст выстаўляе тое ж, з чым мае справу філосаф у акце захопу. Калі філосаф прэтэндуе на тое, каб разгледзець сябе на гэтай паверхні, ён можа ўбачыць толькі свайго двайніка і прыняць яго за сябе.
Адносіны да сафіста знутры спакушаюць філасофію на паўторнае падваенне. Таму што жаданне пакончыць з сафістам раз і назаўсёды перашкаджае схопліванню ісцін: “раз і назаўжды” непазбежна значыць, што Ісціна скасуе выпадковасць ісцін, і філасофія неправамерна абвяшчае сябе здольнай ствараць ісціны. Тады быць-ісцінным дублюе філасофскую аперацыю Ісціны.
Трайное ўздзеянне святога, экстазу і жаху скажае філасофскую аперацыю і можа прывесці яе ад невырашальнай пустэчы, якая падтрымлівае яе дзеянне, да злачынных загадаў. З-за гэтага філасофія прыводзіць да ўсіх катастроф мыслення.
Здольнасць філасофіі да падрыхтоўкі катастрофы, вызначае яе этыку, якая месціцца ў тым, што філасофія трымае сябе ў стане стрыманасці ў адносінах да двайніка-сафіста, стрыманасць дазваляе філасофіі выключаць спакусу падвоіцца (у адпаведнасці з парай пустэча/субстанцыя), каб неяк абысціся з першаснай падвоенасцю (сафіст/філосаф).
Гісторыя філасофіі - гэта гісторыя яе этыкі: паслядоўнасць гвалтоўных жэстаў, з дапамогаю якіх яна пазбягае сваіх катастрафічных падваенняў. Ці інакш: філасофія ў сваёй гісторыі - гэта проста дэсубстанцыялізацыя катэгорыі Ісціны і вызваленне сябе ад свайго дзеяння.
Гэты тэкст быў раздадзены слухачам на семінары А.Бадзью на семінары у Collège international увесну 1991. Пераклад з французскай паводле Badiou A. Conditions Editions du Seuil, 1992.
Пераклад зроблены студэнткай 4-га курса факультэта Філасофіі і Сацыяльных навук БДУ Лінай Мядзьведзевай спецыяльна для Belintellectuals






